Што тут за «Балаганчык»?

Галерея

7 Февраля 2019

У Мінску 3 лютага на культурніцкай пляцоўцы Ок16 прайшоў аванцюрны перфоманс «Балаганчык». Гэта было заключнае мерапрыемства дабрачыннай акцыі «Вялікае мастацтва рукамі маленькіх людзей».
«Балаганчык» – гэта эклектычны перфоманс, які ўвабраў у сябе не толькі тэатральнае мастацтва, але і танцавальнае, музычнае, выяўленчае…
На сцэне мадэрновай прасторы сумясцілі тыя віды мастацтваў, якімі дзеці з дамоў-інтэрнатаў і выхаванцы спецыяльных вучэбна-лячэбных устаноў закрытага тыпу пакажуць усё, чаму навучыліся за год інтэнсіўных майстар-класаў пад кіраўніцтвам прафесійных артыстаў арыгінальнага жанру і вядучых акцёраў Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.
Галоўны герой – П’еро, які сумуе па сваёй каханай. На галоўную нітку перфомансу нанізваюцца выступы, якія якраз-такі і адлюстроўваюць тое, чаму навучыліся дзеці за год.
Напрыклад, вельмі ўразіла мастацтва малюнка на пяску. Падавалася б, як гэта можна ўпісаць у агульны перфоманс?Але пад музыку дзеці з асаблівасцямі рабілі прыгожыя карціны, якія  адразу выводзіліся на вялікі экран для гледачоў. Дзеянне ў замалёўках адбывалася пад жывую музыку гурта «Нагуаль».
Удзельнікі спектакля прадэманстравалі і футбольны фрыстайл, і танцы, як бальныя, так і ірландскія, і пантаміму, і чароўны тэатр ценяў… Адзін выступ змяняў другі.
А паміж імі хадзіў «незадаволены» рэжысёр і абураўся: «Што тут за балаган?». Ён так і не змог адгадаць у гэтым «Балаганчыку» сваю творчую задуму.
Рэжысёрам пастаноўкі выступіў куратар акцыі, вядучы майстар сцэны Аляксандр Вергуноў.
Вікторыя Чаплева, "Вместе"
Фота аўтара